Архив новостей - СШ 2 г.Кобрина
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

23.09.2022

Тыдзень беларускай мовы

Дзень 5

Родная мова — мова навукі 

”Мова — гэта ключ да дзвярэй у свет...
(В. Каваленка) 

У рамках Тыдня роднай мовы ў апошні дзень прайшла літаратурная акцыя «Чытаем Максіма Танка разам», якая захапіла вучняў і настаўнікаў школы, стварыла добры настрой на гучанне нашай прыгожай, роднай, мілагучнай мовы. Вучні 5-9 класаў з захапленнем чыталі вершы, абмяркоўвалі іх.Творы былі абраны школьнікамі самастойна, кожны прамоўца абгрунтаваў свой выбар. Надзіва надзённа гучалі радкі паэта, што яшчэ раз пацвярджае – “Класіка жыве вечна!” 

– Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці, – такімі словамі пачала моўны турнір «Ведай роднае слова» ў 7-ых класах Гугнюк Дзіна Аляксандраўна. Каманды вучняў змагаліся за права стаць пераможцамі турніру. Удзельнікі выконвалі разнастайныя заданні: аднаўлялі словы, у якіх згубіліся склады, працавалі перакладчыкамі, прыгадвалі поўныя і скарочаныя імёны, тлумачылі значэнне слоў, а таксама дэманстравалі свае веды і кемлівасць у такіх конкурсах, як «Веру – не веру», «Чужое слова», «Эрудыт», «Хто больш?»

 

Вучні 1-2 класаў наладзілі паказ адзення ў народным стылі «Будзь у трэндзе». Народнае адзенне – яркі здабытак нацыянальнай культуры Беларусі. Пад кіраўніцтвам Кавалевіч Алены Фёдараўны вучні школы дэманстравалі элементы беларускага нацыянальнага касцюма ў сучасным увасабленні. Як аказалася, традыцыйная беларуская вышыванка заўсёды модная і стыльная.

Яркім завяршэннем Тыдня роднай мовы стала «Свята беларускай кухні». Усе прысутныя змаглі пераканацца, што стравы традыцыйнай беларускай кухні самыя апетытныя і карысныя. Праграма свята складалася з экскурсу ў гісторыю беларускай кухні, вершаў і песень. Была арганізавана дэгустацыя беларускіх страў: дранікаў, бліноў, аладак, сырнікаў і шмат іншых. Пачаставацца змаглі ўсе ўдзельнікі. Свята беларускай кухні стала пазнавальным і дужа смачным! На развітанне ўсім прысутным пажадалі, каб сталы ў іх хатах былі багатымі, а душы і сэрцы — добрымі і шчодрымі.

 

Тыдзень роднай мовы завяршыўся, а роднае слова працягвае гучаць на перапынках і падчас вучэбных заняткаў. Такія мерапрыемствы дапамагаюць нам захаваць памяць і павагу да сваіх каранёў, да культуры роднай краіны.