Архив новостей - СШ 2 г.Кобрина
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

02.11.2017

"Хто працуе, таму шанцуе"

Статья в "Настаўніцкай газеце" про нашу школу

Тое, што на Брэстчыне жывуць працавітыя людзі, — факт, у якім мы з калегамі пераканаліся падчас прэс-туру. І гэта пры тым, што яшчэ не наведалі Століншчыну, дзе практычна на кожным падворку ёсць парнік, а ў тых парніках працавітыя палешукі кожны год вырошчваюць сотні тон агуркоў. Не завіталі мы і на Лунінеччыну, дзе на клубнічных плантацыях бацькі з маленства прывучаюць сваіх дзяцей да працы. Аднак і наведвання сярэдняй школы № 2 Кобрына цалкам хапіла, каб пераканацца, што Брэстчына — працавіты край.

Усе дасягненні, пра якія расказваў нам калектыў установы на чале з дырэктарам Аляксандрам Яўгенавічам Кудраўцавым, сведчаць пра адно: такія вынікі магчыма дасягнуць толькі дзякуючы актыўнай, штодзённай, напружанай працы, як фізічнай, так і інтэлектуальнай. “Хто працуе, таму шанцуе”, — гавораць у народзе. Хаця, што значыць “шанцуе”. А што, магло і не пашанцаваць? Не, у таго, хто працуе, заўсёды ўсё атрымліваецца. Калі шчыра, самааддана працуеш, абавязкова будзе поспех, дабрабыт. Адным словам, трэба працаваць, што і робіць калектыў настаўнікаў і вучняў 2-й кобрынскай школы. У гэтым журналісты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся ў першыя хвіліны знаёмства са школай.

Пачалося знаёмства з экскурсіі па спартыўнай зале. Толькі працавітымі рукамі настаўнікаў і тэхнічных работнікаў можа быць створаны такая цудоўная спартзала. Нават не зала, а манеж — настолькі нас уразілі памеры гэтага спартыўнага збудавання. Тут і валейбольная, і футбольная, і баскетбольная пляцоўкі, і месца для заняткаў турызму. Нядзіўна, што ў манежы з раніцы і да позняга вечара не сціхаюць галасы і судзейскія свісткі. 100 працэнтная занятасць вучняў 2-й кобрынскай школы ў дадатковай адукацыі — гэта ў тым ліку і дзякуючы спартыўнаму манежу, тым гурткам і секцыям, якія працуюць на яго базе.

Ганарыцца калектыў школы не толькі памерамі манежа, але і спартыўнымі дасягненнямі, якія, безумоўна, былі б немагчымы без якаснай трэніровачнай базы. Пачынаючы з 2010 года ў раённай спартакіядзе работнікаў адукацыі школа рэгулярна становіцца пераможцам. Дзякуючы манежу ўстанова зарабляе і добрыя пазабюджэтныя сродкі. У тым ліку і на гэтыя сродкі ў 2008 годзе быў праведзены капітальны рамонт будынка школы (аднаго з найстарэйшых у Кобрыне, які пачаў узводзіцца яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя). Ганарацца настаўнікі і вучні і дасягненнямі ў спартыўным турызме. Вучні з’яўляюцца членамі раённай каманды і рэгулярна ўдзельнічаюць на абласных турыстычных спаборніцтвах.

Усе дзеці па сваёй прыродзе даследчыкі, у іх ёсць прага да прыгод, таму важна правільна скіроўваць гэтую прагу, што ўмела і робяць кобрынскія настаўнікі. Нездарма іх дэвізам з’яўляюцца такія словы: не ўсе дзеці геніяльныя, але ўсе таленавітыя. А яшчэ ўсе вучні сярэдняй школы № 2 Кобрына працавітыя. Праяўляецца гэтая працавітасць, у прыватнасці, у акцыі “Збяром макулатуру разам”. Кожнага хвалюе праблема нерацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, кожны разумее, што ўся непатрэбная папера павінна быць зноў перапрацавана і выкарыстоўвацца паўторна. Перапрацоўка металалому таксама мае вялікае эканамічнае і экалагічнае значэнне. Штогод калектыў 2-й кобрынскай школы ўдзельнічае ў абласным конкурсе “Захавай дрэва — збяры макулатуру!”. У канцы года ў актавай зале школы праходзіць узнагароджанне удзельнікаў акцыі па зборы другаснай сыравіны. Самым актыўным ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца памятныя сувеніры.

Самы спрыяльны час для прывіцця працавітасці — гэта лета. Канечне, многае залежыць ад бацькоў, але і школа не павінна заставацца ўбаку ад такой справы. Чатыры гады запар на базе школы працуе летні лагер працы і адпачынку “Працуючая краіна 52/24”. Колькасць дзяцей у лагеры штогод павялічваецца. “Мы не адразу прыйшлі да такога выніку. Усё новае заўсёды выклікае насцярожанасць, аднак дзякуючы зладжанай рабоце педагагічнага калектыву, прадуманай арганізацыі вольнага часу, лагер працы і адпачынку сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод 14-17-гадовых падлеткаў і іх бацькоў. Праз лагер працы і адпачынку мы прывіваем дзецям працоўныя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Гэта і добраўпарадкаванне прысядзібнай тэрыторыі, і рамонт будынкаў, і догляд за раслінамі”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вышынская Вольга Аляксандраўна.

На летніх канікулах праз дзейнасць лагера ў падлеткаў фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да матэрыяльнага асяродку, хлопцы і дзяўчаты вучацца рацыянальна арганізоўваць і праводзіць вольны час, развіваюцца іх камунікатыўныя навыкі. Каб быць залічаным у лагер працы і адпачынку, неабходна ўдасканальвацца, працаваць над сабой (калі падлетак курыць, значыць, ён павінен кінуць курыць; калі ў яго слабая паспяховасць у вучобе, значыць, павінен падцягнуцца). Падлеткі вучацца працаваць як дарослыя, атрымліваюць заработную плату, ім уручаецца працоўная кніжка і страхавое пасведчанне, яны вучацца самастойна, граматна распараджацца заробленымі грашыма.

У 2016 годзе лагер стаў пераможцам (Дыплом 1 ступені) у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй”.

У лагера  працы і адпачынку нездарма арыгінальная назва. 52/24 — гэта геаграфічныя кардынаты сярэдняй школы № 2 Кобрына. Калі вы жадаеце пераканацца, што на Брэстчыне жывуць працавітыя людзі, калі ласка, прыязджайце. Геаграфічныя каардынаты, куды ехаць, вы ведаеце.

Ігар ГРЭЧКА